
55 гадоў таму, 14 верасня 1954 года Савецкі Саюз на хвалі “халоднага” супрацьстаяння з ЗША правёў выпрабаванні ядзернай зброі. Правёў на ўласных грамадзянах. Пушачным мясам ды сыравінай для эксперыменту апынуліся 45 000 салдат і афіцэраў – грамадзянаў СССР, у тым ліку і беларусы.
Згаданыя манеўры (кодавай назвай якіх было “Снежок”) вядомыя як выпрабаванні на Тоцкім палігоне.
У эпіцэнтры будучага выбуху ў мэтах эксперыменту адмыслова былі размешчаныя адпаведныя будынкі, вайсковая і іншая тэхніка, а таксама жывёлы (каровы, козы, коні, авечкі і інш.) – у бліндажах ці проста прывязаныя да слупоў. Ад людзей на ўдзел было кінута, як згадвалася, 45 000 вайскоўцаў Савецкай арміі. Для “абароны” ад радыяцыі салдатам былі выдадзеныя па два наборы новай бялізны, прапітанае спецыяльным растворам абмундзіраванне, плашч-палатка ды працівагаз.
У 09 гадзін 34 хвіліны 14 верасня 1954 года на вышыні 350 метраў над палігонам была ўзарваная бомба магутнасцю 40 кілатон (што ў 2 разы больш, чым у хірасімскай бомбы). Адразу пасля выбуху праз зону паражэння былі праведзеныя войскі. Такі быў план вучэнняў.
На выпрабаванні быў накладзены грыф “Совершенно секретно”, а ўдзельнікаў абавязалі даць распіску пра неразгалошванне. Многія з удзельнікаў выпрабаванняў памерлі ў наступныя гады. Паміраючы, яны не мелі права паведаміць пра прычыны сваіх хваробаў. Але ёсць і выжыўшыя.
Асноўная маса матэрыялаў пра згаданыя вучэнні пачала з’яўляцца толькі пасля распаду Савецкага Саюза. У 1990-м годзе выжыўшыя ўдзельнікі выпрабаванняў былі прыроўненыя да ўдзельнікаў чарнобыльскай аварыі.
На сённяшні дзень, на жаль, як падаецца, вельмі мала людзей штосьці ведае пра гэты факт, але пра злачынствы Савецкага Саюза павінны ведаць кожны. Удзельнікі выпрабаванняў не атрымліваюць якойсьці кампенсацыі, ва ўсякім разе ў Беларусі (бадай, як і астатнія “чарнобыльцы”). Тым не менш, інфармацыя пра выпрабаванні прысутнічае ў інтэрнэце. Напрыклад, больш падрабязна можна пачытаць тут:
http://www.uatoday.net/rus/article/history/47581